У Мінску прайшоў выпускны Школы маладога пісьменніка

У мінскім Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прайшла выпускная вечарына Школы маладога пісьменніка. 

Падчас імпрэзы адбыліся літаратурныя чытанні выпускнікоў і выпускніц, прысутных павіншаваў старшыня ГА Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч і выкладчыцы Школы Ганна Бутырчык, Наталля Паваляева і Людміла Рублеўская. Некалькі добрых слоў сказалі і сёлетнія каардынатары ШМП Усевалад Сцебурака і Ціхан Чарнякевіч. Усе выпускнікі атрымалі сертыфікаты пра заканчэнне Школы. 

Школа маладога пісьменніка пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” працуе з 2012 г. як нефармальны адукацыйны праект для дарослых. На практычных занятках з пастаяннымі выкладчыцамі, лекцыях і майстар-класах запрошаных навукоўцаў і аўтараў маладыя, апантаныя літаратурай людзі вучацца чытаць і пісаць прозу і слухаць сябе ды іншых. Заняткі ў Школе маладога пісьменніка пачынаюцца ў кастрычніку і праходзяць у Мінску два разы на месяц па суботах цягам васьмі месяцаў. Фармат: практычныя заняткі з пастаяннымі выкладчыцамі, лекцыі і майстар-класы запрошаных навукоўцаў і аўтараў.

Ад імя Рады і Сакратарыята ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” шчыра віншуем новае пакаленне беларускай прозы з выпускам і паспяховым заканчэннем Школы і зычым не спыняцца на дасягнутым. Чакаем ад вас новых літаратурных твораў і кніг!



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"