У Мінску прэзентавалі літаратуру беларускага Падляшша

Міхась Андрасюк і Яўген Вапа
У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася сустрэча з літаратарамі Падляшша празаікам Міхасём Андрасюком і выдаўцом Яўгенам Вапам.

Пушчанскія госці прывезлі два новыя выданні праграмнай рады тыднёвіка "Ніва": шыкоўна выдадзеныя кнігі прозы "Поўня" Міхася Андрасюка і беларуска-польскую білінгву выбраных вершаў Надзеі Артымовіч "Краявід з невідочнай памылкай". Абедзьве кнігі аформлены мастацкімі фотапрацамі Паўла Грэся.

Вечарыну адкрыў празаік, галоўны рэдактар часопіса "Дзеяслоў", старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч: "Найноўшая гісторыя беларускай літаратуры на Беласточчыне пачынаецца з 1958-га года, калі была створана „Белавежа”. Некалі Сакрат Яновіч сказаў, што беларусы адзіная нацыя на тэрыторыі Польшчы, якая змагла стварыць сваю літаратуру. Ні ўкраінцы, ні немцы, ні літоўцы, ні расейцы – гэта памежныя народы, не змаглі стварыць сваю літаратуру. Сакрат Яновіч сказаў, што Польшчу можна лічыць краінай дзвюх літаратур – беларускай і польскай".

У межах вечарыны прэзентаваў сваю новую кнігу "Поўня" Міхась Андрасюк, які зачытаў некалькі фрагментаў прозы і адказаў на пытанні чытачоў. Выбранае Надзеі Артымовіч "Краявід з невідочнай памылкай" прадставіў паэт Алесь Разанаў. У 1994 годзе на Падляшшы выйшла ўнікальнае выданне: вершам Артымовіч спадарожнічалі паслямовы-зномы Алеся Разанава, кожны з якіх уяўляў сабой герменеўтычныя разгадкі герметычнай паэзіі Надзеі Артымовіч. Алесь Сцяпанавіч распавёў пра сваё адчуванне паэзіі падляшскай паэткі і прачытаў адзін з вершаў са сваім каментаром, які быў апублікаваны ў кнізе Алеся Разанава "З апокрыфа ў канон".

Падчас вечарыны са сваімі згадкамі і словамі ўдзячнасці літаратарам Падляша выступілі паэт і мысляр Ігар Бабкоў, паэт Анатоль Івашчанка, унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч. Імпрэза завершылася музычным выступам Алеся Камоцкага і аўтограф-сесіяй Міхася Андрасюка.

 



ЦЧ, тэкст і фота для lit-bel.org.dyskurs.be