Удзельная вага “ Дзеяслова” у літаратурным працэсе — вялікая (фота)

Выпуск 100-га нумара часопіса “Дзеяслоў” быў адзначаны вечарынай у мінскай кавярні “Грай”. З прамовамі выступілі Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла, Алесь Пашкевіч, Леанід Дранько-Майсюк, Леанід Галубовіч і іншыя празаікі, паэты і літаратурныя крытыкі.

“Часопіс “Дзеяслоў” паўстаў 17 гадоў таму як адказ на ўмяшальніцтва дзяржавы ў літаратурны працэс. Вясной 2002 года Міністэрства інфармацыі Беларусі правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў, у выніку якой усе літаратурныя часопісы былі пазбаўленыя права на юрыдычную, эканамічную і творчую самастойнасць і аб’яднаныя ў гэтак званы холдынг “Литература и искусство”. Галоўнай мэтай стварэння холдынгу было ўстанаўленне дзяржаўнага кантролю над літаратурным працэсам у краіне. На месца звольненых галоўных рэдактараў часопісаў былі прызначаныя лаяльныя ўладам кіраўнікі. На знак пратэсту многія пісьменнікі — супрацоўнікі калектываў — звольніліся з рэдакцыяў…” — паведаміў сайт СБП.

22.jpg

Вядоўца імпрэзы Усевалад Сцебурака згадаў пра паездкі па рэгіёнах з прэзентацыямі нумароў часопіса, запамінальныя сустрэчы ў бібліятэках, універсітэтах, школах. Госці імпрэзы павіншавалі таленавітых аўтараў і руплівых супрацоўнікаў, якія ствараюць выданне. 

30.jpg

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч распавёў, як 17 гадоў таму ў 2002 годзе нарадзіўся новы часопіс. У першы яго нумар прапанавалі свае творы Ніл Гілевіч, Янка Брыль, Уладзімір Някляеў, Святлана Алексіевіч, Уладзімір Арлоў і іншыя літаратары. Часопіс быў прэзентаваны на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў 23 верасня 2002 года. Над укладаннем і аздабленнем часопіса, як і тады, сёння рупяцца Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Анатоль Івашчанка і Генадзь Мацур. 

— 17 гадоў успрымаюцца як цэлае стагоддзе! — адначыў Міхась Скобла. — Столькі выдатных твораў надрукавана ў гэтым часопісе, што можна бесперапынна даваць Нобелеўскую прэмію! Пакуль далі толькі адну, але я ўспрымаю яе як Нобелеўскую прэмію часопісу “Дзеяслоў”, бо Святлана Алексіевіч — аўтарка таксама і 100-га нумара часопіса. 

— Літаратурны твор — маральны дакумент, які дапамагае жыць, — прызнаўся Леанід Дранько-Майсюк. — Такія тэксты ёсць у кожным нумары часопіса “Дзеяслоў”. Тут ёсць прастора для творчага эксперыменту, пошуку. Усё гэта ўзбагачае нашу жыццёвую прастору. 100 нумароў “Дзеяслова” — вельмі значная падзея! 

37.jpg

— Удзельная вага “ Дзеяслова” у літаратурным працэсе — вялікая, — падкрэсліў паэт Алесь Разанаў. — Я б назваў 100-ы нумар словам “цэнтурыя” — войска са 100 чалавек, якое змагаецца за беларускае слова і за статус творчасці. “Дзеяслоў” — магніт, які прыцягвае творцаў, стрыжань, на якім трымаецца літаратурнае жыццё. 

— “Дзеяслоў змог з’яднаць літаратурныя традыцыі і інавацыі, займеў свой непаўторны стыль і твар, — адзначыў спадар Алесь Пашкевіч. — Праз 17 гадоў гэта не толькі выдавецкі праект, гэта своеасаблівая незалежная літаратурная акадэмія, тысячы вечарын з прэзентацыямі кніг па краіне, дзясяткі канферэнцый, прэмія “Залаты апостраф”, сайт часопіса. 

На вечарыне ў кавярні “ Грай” са спевамі выступілі Алесь Камоцкі і Алег Хаменка з гуртом “Палац”. 



Тэкст: Эла Дзвінская, budzma.by. Фота: Ціхан Чарнякевіч