В'етнамскія каласы Караткевіча

Дойлід. Майстра. Араты. Сейбіт. Глыбіннадумны… Якімі толькі высокімі словамі-азначэннямі не ўшаноўваюць незабыўнага рупліўца-працаўніка на ніве нашай літаратуры-- каласістага Уладзіміра Караткевіча (25.11.1930—25. 7.1984). Стараючыся вызначыць параметры таленту, называюць шэраг яго заняткаў: паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, сцэнарыст… А яшчэ і – кампазітар. Гэта я магу сцвердзіць магнітафоннымі запісамі голасу Караткевіча ў лістападзе 1968 года. На дыску “Галасы”, выдадзенным у 2009 годзе Глебам Лабадзенкам, вы можаце пачуць вершы з цыклу “Таўрыда”, запомненую пад Оршай народную песню і створаны ім раманс, які быў прысвечаны каханай жанчыне.

Для поўнай жа характарыстыкі Творцы запрашаю наведаць вуліцу Караткевіча ў Оршы, на выездзе ў бок Віцебска. На сцяне будынка Парытэтбанка вы ўбачыце барэльеф, прысвечаны маладому аршанцу, і яго аўтограф. А на памятнай шыльдзе прачытаеце вось такія радкі: “Гэта вуліца носіць імя нашага земляка Уладзіміра Караткевіча, народнага пісьменніка Беларусі”.

І пра яго ўзвышэнне на міжнародным п'едэстале напісана нямала даследаванняў, існуе багата памятак, як на сёння – рарытэтаў. Вось іскрынкі ад чэха Вацлава Жыдліцкага гараць аўтографам на перакладзенай ім і выдадзенай у Празе кнізе Уладзіміра Караткевіча пад назвай “Kralovska pomsta” з кароткім напамінкам, чаму ён ператлумачыў аповесць аўтара “Дзікае паляванне караля Стаха”: “…каб людзі ведалі, што аўтара цанілі за мяжой даўно да той заслужанай ацэнкі на яго радзіме”.

“Свет мяне паўторыць”, калісьці спадзяваўся ў сваім вершы Уладзімір Сямёнавіч. Яго надзеі спраўдзіліся. Упляліся пад літаратурнае вязьмо многіх народаў каласы з-пад сярпа Караткевіча. Вось што я спазнаў, дзякуючы “князю Уладзіміру” ажно праз 10 тысяч кіламетраў ад Мінска.

Вясной 1988 года адправілася ў В'етнам дэлегацыя ў складзе галоўнага рэдактара Дзяржкамвыда БССР Ігара Мікалаевіча Лапцёнка, дырэктара выдавецтва “Мастацкая літаратура” Валерыя Мікалаевіча Грышановіча і мяне, тагачаснага загадчыка рэдакцыі выдавецтва “Юнацтва”.

У старажытным горадзе Гюэ на поўдні В'етнама заключалі дамову аб творчым супрацоўніцтве з тамтэйшым выдавецтвам “Тхуан Хоа”, знаёміліся з перакладзенымі на в”етнамскую мову кнігамі Васіля Быкава, Івана Шамякіна… А рэдактар выдавецтва паэт Ле Чонг Шам падарыў мне невялікую кніжачку на рысавай паперы з дужа цікавым пазначэннем яе аўтара: V-KO-ROT-KE-VICH.

Кніжка У. Караткевіча “Былі ў мяне мядзведзі” была надрукавана ў 1985 годзе вялікім накладам. Пераклаў з рускай мовы зрабіў Нгуен Тхен Лонг. Разумею, чаму з такой цікавасцю было прынята гэтае апавяданне беларускага аўтара. Караткевічаў мядзьведзь Туп тупаў па В'етнаме, тэкст забаўляў чытачоў таленавітым сюжэтам, дадаваў вольналюбіваму в'етнамскаму грамацею натхнення. Хаця б вось такімі радкамі: "Так, былі ў мяне мядзведзі. І менавіта таму мне ўсё цяжэй і цяжэй робіцца адбіраць у жывёл свабоду – адзінае, дзеля чаго існуе ўсё чыста жывое на зямлі”.

Паэт Ле Чонг Шам пакінуў на кнізе Караткевіча свой аўтограф: “Товариш Сергей. Мой серце”. Думаю, што параўнанне “Маё сэрца” адносілася не так да мяне, як да Караткевіча. І пра гэта чуць пазней. Так, дарчы надпіс напісаны з памылкамі. Але рускай мовай Ле Чонг Шам валодаў свабодна. Пісаў вершы на сваёй роднай мове і на незабытай каланіяльнай – па-французску. Распавядаў нам, чаму горад Гюэ, цэнтр правінцыі Тхуа Тхіен, такі фантастычна прыгожы. І самому Караткевічу быў бы зразумелы гэты гістарычны сюжэт: кожная новая дынастыя на зямлі Ле Чонг Шама, умацаваўшыся ва ўладзе, знішчала ўсё тое, што было ўзведзена да яе. А вось апошняя дынастыя – не паспела. І мы бачылі горад Гюэ ў непарушнай старажытнай аздобе.

Пры сустрэчах з прыязнымі да нас гараджанамі я атрымаў ад мастака Хай Банга малюнак – сяброўскі шарж, ад паэтэсы Хоанг Тхі Зуэн – паэтычны зборнік, а чуць пазней па пошце яна пераслала свой верш-прысвячэнне, якое пераклалі мне ў Мінску в”етнамскія студэнты.

Некалькі разоў пагутарыў са мною ў Гюэ былы ленінградскі аспірант Нгуен Дзін Нго, які пры нараджэнні 21 чэрвеня 1983 года сваёй дачушкі даў ёй цікавае імя – Баць Нга. У перакладзе яно гучыць так: Белая Русь. Аспірант, будучы ў СССР, даведаўся пра падабенства гістарычных лёсаў двух народаў, былую падзеленасць іх тэрыторый… І сваю памяць пра гераічную Беларусь “увекавечыў” у імя дачушкі. Па вяртанні дадому ў нашай прэсе я многа пісаў пра звесткі ад Нгуен Дзін Нго, тэксты і здымкі перасылаў у В”етнам, за што Баць Нга назвала мяне сваім хросным бацькам.

А ў 1989 годзе мінчане сустракалі гасцей з амаль што пародненага горада Гюэ. І ў першую чаргу было наведанне Усходніх могілак, дзе на помнік Караткевічу легла   тая самая кніжачка пра “в'етнамскіх“ мядзведзяў. Праз некаторы час Ле Чонг Шам паказаў мне свой верш, прысвечаны Караткевічу, пераказаў па-руску кожнае слова кожнага радка. У выніку атрымалася такое вось перастварэнне:


                   КАЛЯ МАГІЛЫ
                           Караткевічу --
                           беларускаму народнаму паэту

На гэтай нязрушнай зямлі
Надгробак вось тут узвялі:
Два рысавыя каласочкі,
Цюльпаны нібы каралі.

І мне Вы паспелі зрабіць
Такое, што змог палюбіць
Крутыя аблокі над Мінскам,
Журботную выраю ніць.

З В”етнама паклікалі Вы
І нас да сваёй муравы,
Узносіцца з ветрам журботным
Ваш дух да святой сінявы.

Народнае – што? Для красы
Два рысавыя каласы?
Радкі – у паэта – зярняты.
Набраклі яны… Ад расы.

Пшанічныя каласы на надгробку Уладзіміра Сямёнавіча нездарма ўявіліся в”етнамскаму паэту як рысавыя. Сімвалічнае спарадненне вобразаў. Не дзіва, што вось і такімі каласамі Ле Чонг Шама свет паўтарае творчую спадчыну з-пад сярпа Караткевіча.

А на развітанне з в'етнамскімі ўспамінамі не магу ўтрымацца, каб не згадаць Белую Русь В'етнама (Белая Русь па-в'етнамску – Баць Нга). Вось які верш я ёй прысвяціў:


Успомню казку: над планетай
аэрафлотская смуга.
Зноў уяўляецца Баць Нга
і вечнае В”етнама лета.
Пад ім – каромысла-дуга,
азёры рысавых плантацый…
Дзяўчына тут змагла азвацца
маёй Радзімаю…
Баць Нга!
Праз дзесяць тысяч кіламетраў
сціхала ростані туга…
… Мне й сёння з Бацькаўшчыны нетраў
гучыць імя: -- Баць Нга! Баць Нга!

Успамінаю, як пры чарговай сустрэчы любіў са мной здароўкацца Уладзімір. Ён запомніў з майго верша такія радкі: ”Хамутоў не зналі коні продкаў // На гербах прыдзвінскае зямлі…” І кожны раз, убачыўшы мяне , замест прывітання амаль ускрыкваў: ”Хамутоў не зналі коні продкаў!” А цяпер ужо з караткевічаўскага В'етнама я воклічна прамаўляю ўслед Уладзіміру Сямёнавічу:
-- Незабыўны КА-РАТ-КЕ-ВІЧ! Баць Нга з намі! І з намі -- уся БЕ-ЛА-РУСЬ!

                             

2014

Сяргей Панізнік