Вечарына да 80-годдзя з дня нараджэння Кастуся Тарасава

Эліна Свірыдовіч
У Дзяржаўным музей гісторыі беларускай літаратуры ў пятніцу 16 кастрычніка прайшла мемарыяльная вечарына "Памяць пра легенды", прысвечаная пісьменніку Кастусю Тарасаву, якому сёлета магло б споўніцца 80 гадоў.

На сустрэчы прысутнічалі сваякі, блізкія сябры і калегі па цэху, якія ўзгадвалі жыццёвы і творчы шлях Кастуся Тарасава. Сустрэчу вяла і мадэравала супрацоўніца музею Эліна Свірыдовіч, якая не толькі падрыхтавала мультымедыйную прэзентацыю да сустрэчы, але і запісала відэазвароты некаторых выступоўцаў, што праз пандэмію не змаглі асабіста прысутнічаць на вечарыне.

Такім быў аповед Сяргея Ваганава, які агучыў свае кранальныя ўспаміны пра дзяцінства - ён рос з Кастусём Тарасавым у адным двары на вуліцы Маскоўскай у пасляваенным Мінску.
Пра прыязныя сяброўскія стасункі ўзгадалі рэжысёр Алег Дашкевіч, літаратар Міхаіл Валодзін і іншыя.

Старшыня ГА "СБП" Барыс Пятровіч распавеў пра плённае супрацоўніцтва з Кастусём Іванавічам як з аўтарам часопіса "Дзеяслоў", дзе друкаваліся творы пісьменніка і прэмію якога - "Залаты апостраф" ён атрымаў. Таксама падсумаваў вялікі ўнёсак Кастуся Тарасава ў развіццё беларускай гістарычнай літаратуры і яго неацэнны ўплыў на выхаванне і станаўленне нацыянальна свядомай беларускай інтэлігенцыі 80-90-ых.



Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"