Вераснёўскае пасяджэнне Рады СБП

Барыс Пятровіч, Сюзанна Паўкштэла, Усевалад Сцебурака
Сёння на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтра адбылося чарговае пасяджэнне кіроўнага органу ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў", на якім былі разгледжаны бягучыя пытанні жыцця арганізацыі.

Найперш была заслухана справаздача Прыёмнай Камісіі СБП, якая рэкамендавала на Раду адну кандыдатуру — аўтарку нон-фікшн Настассю Зелянкову. Шляхам таемнага галасавання Рада ўхваліла кандыдатуру і прыняла Настассю Зелянкову ў сябры ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Намеснік старшыні СБП Усевалад Сцебурака выступіў з квартальнай справаздачай Сакратарыята пра дзейнасць арганізацыі, у якой пералічыў асноўныя падзеі, мерапрыемствы, праекты, у якіх прыняў чынны ўдзел Саюз беларускіх пісьменікаў. Асобна быў асветлены набор у Школу маладога літаратара, якая сёння працуе ў абноўленым складзе і істотна пашырыла сваю дзейнасць.

Таксама была заслуханая і прынятая да ведама інфармацыя Валянціна Дубатоўкі пра асноўныя фестывалі і імпрэзы, арганізаваныя Гродзенскай абласной філіяй Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У межах пасяджэння адбыўся абмен думкамі па пытанні магчымага пераносу парэшткаў Кастуся Каліноўскага з Літвы ў Беларусь.


Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"