Вершы – поштай: Марыя Мартысевіч выдасць паэму «Сарматыя»
Абвешчана, што кніга выйдзе друкам у выдавецтве «Янушкевіч» да канца 2018 году. Паводле аўтаркі кнігі – паэткі і перакладчыцы Марыі Мартысевіч – у кнігу ўвойдуць вершы, якія яна публікавала сёлета з сакавіка па верасень у фэйсбуку пад цэтлікам #sarmatia . Паэма складаецца з 30 невялікіх тэкстаў, зьвязаных умоўным сюжэтам. Яна будзе выдадзеная кнігай фармату, блізкага да А5, у кардоннай вокладцы, зь ілюстрацыямі.
Спэцыяльна для сайту СБП Марыя Мартысевіч падрыхтавала свой «Маніфэст сарматкі»:
– «Сарматыя» – гэта гісторыя каханьня, якая мела месца невядома калі і невядома дзе. Але яно і няважна, калі і дзе, бо «Сарматыя» – гэта таксама гісторыя пра тое, што звычайна здараецца зь людзьмі, якія наважыліся быць не такімі, як усе, у любыя часы і ў любой краіне.
Сарматы – паўмітычныя качэўнікі, апісаныя яшчэ Герадотам. Іх плямёны засялялі Паўночнае Прычарнамор’е ў ІІІ – IV ст н.э. Праз тузін стагоддзяў ад іх пачала весьці свой род шляхта Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, адмяжоўваючыся такім чынам ад сялянскага саслоўя.
Пасьля трагічнага падзелу Рэчы Паспалітай шляхту калісьці магутнай дзяржавы апанавала настальгія па старых добрых часах. Асабліва вобраз сармата як рыцара, адданага Літве і Польшчы, апявалі (няхай часам зь нязлоснай іроніяй) польскамоўныя клясыкі ХІХ ст. Па-беларуску з «сармацкага» нам даступныя паэма «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, раман «Успаміны квэстара» Ігната Ходзькі, п’еса «Помста» Аляксандра Фрэдры.
Напрыканцы ХХ ст сармацкі міт ажыў у беларускай літаратуры Нацыянальнага Адраджэньня. Літаратары зьвяртаюцца да шляхецкай эстэтыкі ў піку сацрэалізму ХХ ст, які трактаваў беларусаў як вясковую нацыю. Асаблівы «шляхетны стыль» склаўся ў жаночай літаратуры 1990-х – 2000-х: гэта паэзія і проза Людмілы Рублеўскай, вершы і песьні Леры Сом, у нечым – вершы Людкі Сільновай. У 2004 годзе выйшаў друкам паэтычны зборнік «Сармацкі альбом» Ірыны Багдановіч – гісторыя каханьня на барыкадах; сарматамі аўтарка называе ўдзельнікаў беларускіх апазыцыйных шэсьцяў канца 1990-х.
Для ўсіх памянёных творцаў сарматчына мае рамантычны арэол. Гэта залатыя часы Вялікага Княства Літоўскага, слаўнае мінулае нашай дзяржавы. Аднак, калі ўчытацца ў летапісы, дыярыушы і падручнікі, тая кляйнота мела і іншы, не такі ідылічны бок. Жыхарам Заходняй Эўропы сарматы здаваліся ў найлепшым выпадку экзотыкай, а пераважна іншаземцы лічылі іх дзікунамі. Наўмысна ўсходнія элемэнты строю (той жа слуцкі пояс), голеныя галовы з казацкімі чубамі, малаадукаванасьць шляхты (sic!) у яе асноўнай масе, рэтраградзтва і схільнасьць да звадаў – усё гэта высьмейвалася сатырыкамі задоўга да «Пінскай шляхты» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Урэшце, ня варта забывацца, што менавіта носьбіты сармацкай ідэалёгіі дапусьцілі ў ХVII ст зьнікненьне Рэчы Паспалітай з палітычных мапаў.
Мне прыйшло да галавы, што Сарматыя, можа, і заняпала, але сарматы нікуды не падзеліся. Прычым іх даволі шмат – варта азірнуцца навокал. І гаворка не пра нацыю – няхай нікога ня ўводзіць у зман тое, што я пішу па-беларуску. Ня ўсе беларусы – сарматы, як і не ўсе сарматы – беларусы. Уласна, пра гэта вершы.
Падтрымаць выхад «Сарматыі» можна будзе да пачатку снежня.
Паводле прэс-рэлізу