Юбілейнае "Бабіна лета" Ніны Мацяш

Белаазёрск ужо шмат гадоў ганаруе сваю знакамітую зямлячку, паэтку Ніну Мацяш, маштабным літаратурным фестывалем. Сёлета святкаванне было тым больш знакавым, што ў 2018 годзе адзначаецца 75-годдзе з дня нараджэння паэткі. Ушанаваць яе памяць, успомніць добрым словам, выканаць яе творы і вершы, ёй прысвечаныя, сабралося некалькі дзясяткаў паэтаў, спевакоў і кампазітараў з усёй Беларусі, а найперш — з роднай Ніне Мацяш Берасцейшчыны.

Прадстаўнічай на гэты раз была і дэлегацыя ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў": у Белаазёрск завіталі намеснік старшыні СБП, паэт Усевалад Сцебурака, паэт, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі, паэт і журналіст Міхась Скобла, добрыя сябры і землякі Ніны Язэпаўны Раіса Баравікова і Васіль Жуковіч, а таксама літаратурны крытык Ціхан Чарнякевіч.

Цягам усяго дня ў школах Белаазёрска праходзілі выступы паэтаў і літаратараў Сяргея Амельчука, Яўгена Бяласіна, Веры Буланды, Міколы Пракаповіча і многіх іншых. Разам літаратары наведалі і гарадскія могілкі Белаазёрска, дзе, каля магілы Ніны Мацяш, мясцовым святаром быў адслужаны ўрачысты памятны малебен па вядомай паэтцы, сказаны добрыя цёплыя словы і, канечне, віншаванні з днём нараджэння, якія перагукаліся з агульным святочным наваколлем, якое радавала гасцей Ніны Язэпаўны выдатным сонечным надвор'ем.

2_850.jpg
Выступае Анатоль Вярцінскі

На фінальную, заключную частку ў Гарадскім палацы культуры сабраліся, без перабольшання, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі з усёй вобласці, прысутнічала і кіраўніцтва горада і раёна, супрацоўнікі і дырэктары многіх берасцейскіх бібліятэк, навучэнцы, школьнікі, кампазітары, спевакі. Шмат хто тут быў асабіста знаёмы з Нінай Язэпаўнай Мацяш, яе імя пастаянна згадвалася і ў кулуарах фестывалю, і ў сценах самой Белаазёрскай бібліятэкі, дзе створаны невялікі адмысловы музей Мацяш, які, у тым ліку, паказвае ейны працоўны кабінет, архівы, частку асабістага кнігазбору паэткі.

Але найбольш згадвалася Ніна Язэпаўна падчас урачыстай вечарыны. Заўсёдна прысутнічаў ейны партрэт на фрацузскай заслоне сцэны, у праектары паказвалася фотапрэзентацыя з выкарыстаннем дзясяткаў рэдкіх здымкаў Мацяш, чыталіся вершы, спяваліся песні на яе словы, у самых розных тэхніках выканання. Апрача таго, заўсёды згадвалася яна ў выступах гасцей і гаспадароў фестывалю, што паказвала значнасць асобы Ніны Мацяш не толькі для свайго рэгіёна, але і для ўсёй краіны, для ўсіх пакаленняў беларускіх творцаў.

Гледачы шчыра і добра прымалі выступоўцаў, а фальклорны гурт "Пескаўскія весялухі", які выконваў улюбёныя народныя песні Ніны Мацяш, нават быў выкліканы на "біс". Задаволеныя сустрэчай, госці і гледачы фэсту дамовіліся абавязкова сустрэцца і на наступны год.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"