Юбілейная вечарына Міхася Мірановіча

Міхась Мірановіч
23 кастрычніка ў Віцебскай бібліятэцы імя Еўфрасінні Полацкай адбылася доўгачаканая сустрэча Міхася Мірановіча з чытачамі.

Вечарына была прысвечана юбілею Міхася Канстанцінавіча, які ён адзначыў у гэтым годзе і яго шматгадовай пісьменніцкай дзейнасці.

Гумарыст з запалам чытаў свае фрашкі, адказваў на пытанні віцебчан. Пазнаёміў прыхільнікаў сваёй творчасці з новай кнігай, якая пабачыла свет у гэтым годзе.

Падтрымаць сябра па Саюзе беларускіх пісьменнікаў прыйшла старшыня Віцебскай філіі СБП Анастасія Лазебная, якая ў сваім уступным слове расказала пра пісьменніцкую арганізацыю, літаратурны альманах “ Ратуша”, у якім Міхась Мірановіч заўсёды ахвотна змяшчае свае міранізмы.

На вечарыне таксама прысутнічаў сябра СБП Міхась Конан. Прыйшлі на імпрэзу празаік Вольга Маслюкова, паэт Васіль Калтуноў.

Хоць сустрэча доўжылася амаль дзве гадзіны, прысутныя не хацелі разыходзіцца, а на развітанне выказалі пажаданне сустрэцца яшчэ раз.


Уласная інфармацыя Віцебскай філіі СБП
Фота Вольгі Маслюковай і Анастасіі Лазебнай