"Жырандоля": ёсць тузін нумароў!
Дата публікацыі: 28.04.2021
5834
27 красавіка ў Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А.С.Пушкіна адбылася прэзентацыя чарговага, ужо 12-га па ліку, нумару альманаха абласной філіі СБП “Жырандоля”. Вёў імпрэзу Лявон Валасюк, які на цяперашні час выконвае абавязкі старшыні пісьменніцкай суполкі.
На сустрэчу з чытачамі прыйшлі і ўзялі слова Мікалай Аляксандраў, Петэр Барас, Уладзімір Глазаў, Аляксандр Рызо, Мікола Сянкевіч, Вольга Беражанка, Лідзія Касачук і інш.
Лявон Валасюк, укладальнік выдання, зазначыў, што ў альманаху знайшлося месца 32-м аўтарам. Рубрыкі традыцыйныя, але на гэты раз (у сувязі з юбілеем Вялікай Перамогі) прадугледжаны раздзел “Рэха вайны, дзе змешчаны вершы афіцэраў-франтавікоў Аляксея Бакуменкі і Міколы Цялічкі.
Сустрэча прайшла ў дабразычлівай, сяброўскай атмасферы. Аўтары альманаха чыталі свае творы, расказвалі пра новыя кнігі і творчыя праекты.
Ад імя супрацоўнікаў установы гасцей вітала яе дырэктар Святлана Гарадзецкая, якая падзякавала ўсім, хто сабраўся, і анансавала наступныя літаратурныя сустрэчы, што пройдуць вясной і летам як у памяшканні самой бібліятэкі, так і на “паэтычнай” пляцоўцы ля галоўнага ўвахода.
Мікола Сянкевіч