№ 71
У 71-м нумары літаратурна-мастацкага часопіса “Дзеяслоў” — раннія вершы Таццяны Сапач, якія ўпершыню прадстаўлены ўвазе чытачоў. Публікацыя прымеркаваная да Дня памяці паэткі, што традыцыйна праводзіцца 26 жніўня на яе малой радзіме, у вёсцы Маркава.
Таксама ў часопісе — заканчэнне дэкаданснага рамана Людмілы Рублеўскай “Дагератып”, мемуары Ніла Гілевіча, студэнцкі дзённік Рыгора Барадуліна і многае іншае.
Прозу “Дзеяслова” таксама складаюць творыСяргея Дубаўца, Лідзіі Арабей, Уладзіміра Міхно, Алеся Емяльянава.
Нумар адметны сваёй паэтычнай рубрыкай: тут можна прачытаць новыя вершы Галіны Дубянецкай, Зянона Пазняка, а таксама падборкі двух Віктараў — Жыбуля і Слінкі.
Дэбютуе ў № 71 празаік Андрэй Захарэўскі з навелай “Край”.
Як заўсёды, даволі важкае месца ў “Дзеяслове” адводзіцца перакладам. Выданне змяшчае вершы сучаснай шведскай паэткі Атэны Фарухсад(перастварыў на беларускую Дзмітры Плакс) і апавяданне Артура Конан Дойля (пераклалаАлена Казлова).
Эпісталярная спадчына ў часопісе прадстаўлена заканчэннем публікацыі “Лістоў з Гародні” Васіля Быкава і пісьмамі да жонкі Вячаслава Адамчыка.
Валеры Дубоўскі згадвае пра апошнюю сустрэчу з Рыгорам Барадуліным, а Ева Лявонава піша пра творчую спадчыну Якуба Коласа і Янкі Купалы ў прачытанні Алеся Разанава.
Таксама ў нумары можна знайсці згадкі Уладзіміра Мароза, эсэ Сержука Сыса. У рубрыцы “Палата № 6” — матэрыял Яўгена Рагіна.
Завяршаецца “Дзеяслоў” традыцыйным аглядам кніжных навінак.
Запрашаем на сайт часопіса dziejaslou.by