№ 78
У празаічнай частцы звяртае на сябе ўвагу проза аднаго са старэйшых пісьменнікаў Беларусі Віктара Карамазава: навела “Ван Гог” прысвечана тэме мастацтва. Лаўрэат і прызёр прэміі Ежы Гедройца Уладзімір Някляеў і Вінцэсь Мудроў выступаюць у нумары з аповесцямі “На ўсякім свеце” і “Албанскае танга” адпаведна. Полацкі аўтар апавядае пра сваю ўлюбёную Албанію, а экс-кандыдат у прэзідэнты – пра жыццё ў іншасвеце. З апавяданнямі невялікага фармату друкуюцца ў “Дзеяслове” таксама Таццяна Будовіч-Барадуля, Міхась Булавацкі і Альжбета Кеда.
Аддзел паэзіі і ўвесь №78 адкрывае падборка вершаў Людмілы Рублеўскай, якая нядаўна выдала ў “Бібліятэчцы часопіса “Дзеяслоў” кнігу “З’яўленне Інфанты”. Свае вершы друкуюць у нумары Алесь Гібок-Гібкоўскі, Алена Ігнацюк, Мікола Канановіч, Ігар Сіроткін і Юрась Шамецька. З вершамі ў рубрыцы “Дэбют” упершыню выступае Яўген Іхонкін.
Нямала старонак новага “Дзеяслова” аддадзена перакладам: Вера Дзядок прапануе чытачам у сваім перастварэнні з нямецкай мовы частку рамана “Апошняя паездка Суціна” швейцарскага пісьменніка Ральфа Дутлі, а Валер Стралко друкуе пераклады апавяданняў старшыні кіеўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Украіны Уладзіміра Даніленкі.
Да 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча “Дзеяслоў” падрыхтаваў унікальную першую публікацыю невядомага дзённіка класіка за 1965-1966 гады. Доўжыць перадюбілейную гаворкуЛада Алейнік з літаратуразнаўчым артыкулам “Дзядзькаванне: звычай ці міф?”. Доследныя штудыі працягвае патрыярх беларускай этнаграфіі і мастацтвазнаўства Арсень Ліс, які публікуе артыкул “Традыцыйная народная культура беларусаў і станаўленне нацыянальнай ідэі”. Сяргей Шапран прапануе новую частку сваёй архіўна-крытычнай кнігі «Уладзімір Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія».
Эсэістычна-крытычную частку нумара прадстаўляюць Міхась Скобла з тэкстамі з будучай кнігі “Саркафагі страху”, Уладзімір Сіўчыкаў з развагамі пра мастацкі талент Ігара Рымашэўскага,Анатоль Трафімчык з рэцэнзіямі на кнігі Кандрата Лейкі і Валянціна Таўлая і Максім Клімковіч з артыкулам пра раман Алеся Аркуша “Мясцовы час”.
Змест нумара глядзіце на сайце часопіса "Дзеяслоў"