№ 79
Адзіны на ўсю Беларусь народны паэт Ніл Гілевіч адкрывае нумар сваёй навуковай знаходкай – старадаўняй беларускай паэмай XVI стагоддзя «Сходка нячысцікаў» аўтарства Юстына з Ліцьвіноў.
У адным з польскіх архіваў паэт знайшоў гэты не вядомы для айчыннага пісьменства эпічны твор, уразіўся яго мове, мастацкім вобразам і вырашыў перакласці паэму на сучасную беларускую мову.
Леанід Дранько-Майсюк распрацоўвае мала характэрны для сучаснай беларускай паэзіі жанр паэмы і прапануе двае свае творы: «Праклён» і «Паязджане».
Анатоль Зэкаў у падборцы «Залівае дождж цябе, Айчына...» нямала радкоў прысвячае патрыятычнай тэме – напрыклад, бітве пад Оршай і бюракратычнаму Дню беларускага пісьменства.
З часу выдання сваёй кнігі «Дзверы, замкнёныя на ключы» Віталь Рыжкоў не друкаваў новых твораў. Нізка вершаў «Удары ў хвіліну» запаўняе гэты скразны прагал у сучаснай паэзіі.
Паэтка з Брусэля Маргарыта Тарайкевіч у падборцы «Актывіст эпохі Бакумацу» пераўвасабляецца ў японскага героя ХІХ стагоддзя, які жыве ў смутную для сваёй дзяржавы эпоху.
Паэт з Магілёва Дзмітры Дзмітрыеў у нізцы «Памяці герояў космасу» адыходзіць ад свайго паліндрамічнага амплуа і дрэйфуе ў бок малафарматнай постмадэрновай формы. У рубрыцы «Дэбют» свае вершы прапаноўвае Валерыя Данілевіч.
Лірычная частка нумара завяршаецца публікацыяй вершаў і перакладаў фіналістаў літаратурнага конкурсу “Экслібрыс”.
Творы і перастварэнні друкуюць Валерыя Кустава, Алесь Емяльянаў, Яўгенія Асколкава, Ганна Комар, Аляксей Лабоцкі, Яна Мацюшава, Аліса Мініна, Арцём Сітнікаў, Ганна Станіславенка, Анхела Эспіноса Руіс.
Проза ў №79 «Дзеяслова» прадстаўлена цэлым шэрагам імёнаў, з якога выразна вылучаецца аповесць Уладзіміра Арлова «Танцы над горадам». Вельмі даўно Уладзімір Арлоў не цешыў чытача сваёй новай прозай і вось нарэшце задавольвае ягоныя чаканні. Байкі пра пісьменнікаў «Далёка ад радзімы», а менавіта пра Піліпа Пестрака, Івана Шамякіна, Антона Бялевіча і іншых, друкуе Алесь Кажадуб.
Падобным жа чынам падыходзіць да матэрыялу і Уладзімір Сіўчыкаў, публікуючы нізку “Бо гэта кроў мая!” з кнігі “Уладзевы гісторыі”. З апавяданнямі выступаюць у нумары Вячаслаў Лапцік, Павел Ляхновіч і Сяргей Календа, а працягвае ці, можна сказаць, папярэднічае ім аповед «Праклёнышы» забытага аўтара нашаніўскага часу Лявона Гвазда, падрыхтаваны Юрасём Пацюпам.
Рэдкі для часопіснага фармату драматургічны твор прадстаўляе Іван Клімянкоў (містэрыя “Тунель”). У перакладной рубрыцы выступае літаратарка з Беласточчыны Міра Лукша – з перастварэннямі Тамаша Мельцарэка.
Да 100-годдзя аўтара, прадстаўніка беларускай эміграцыі ў Злучаных Штатах Амерыкі Міхася Кавыля «Дзеяслоў» друкуе падборку яго выбраных вершаў з прадмовай Ціхана Чарнякевіча. Тэму працягвае Наталля Гардзіенка з артыкулам «Усё прыходзіць па заслугах». Хроніка аднае сям’і ў Бельгіі (1958-1992)». Наступную частку незавершанай біяграфіі Уладзіміра Някляева публікуе Сяргей Шапран.
Раздзел інтэрв'ю прадстаўляюць Ілля Лапато («Без беларускага радыё – няма беларускай культуры». Гутарка з Алегам Вінярскім) і Алесь Паплаўскі. («На камянях квітнеюць кветкі...» Гутарка з Лявонам Валасюком). З крытыкай новых кніг Уладзіміра Сіўчыкава, Васіля Дэбіша і Наталлі Русецкай выступаюць адпаведна Пятро Васючэнка, Леанід Галубовіч і Наста Грышчук.
Завяршае нумар падборка мініяцюр Яўгена Рагіна «Мой жывот».
Новы №79 «Дзеяслова», калі вы яшчэ не падпісаныя на выданне ў паштовым аддзяленні, можна прыдбаць у кніжных крамах Мінска: «Акадэмкнізе», кнігарні «логвінаЎ».